Словы
У нас сваiх хапае слоў
Крамяных. Росных. Васiльковых
Ад мурагоў i ад лясоў,
Ад светлых высяў жаўруковых.
У нас хапае слоў сваiх
Святлiстых, важкiх, нiбы глеба,
Ад чыстых даляў веснавых,
Ад глыбiнi улетку неба.
Сваiх хапае слоў у нас
Суровых мужных як яднанне,
Яны гучаць у грозны час
I заклiкаюць на змаганне.
У нас хапае слоў такiх
Чысцюткiх, ядраных, як ранне.
Яны выказваюць услых
Пяштоту, ласку i каханне.
Хапае слоў i гаманкiх,
I мяккiх, як у лузе травы.
Ствараючы, шлiфуюць iх,
Але не для сваёй забавы.
У нас хапае рэдкiх слоў,
I палюбi ты iх бязмежна.
Яны ад чысцнi снягоў
I ад пялёсткаў беласнежных.
Яны ўвабралi звон крынiц,
Шум лесу i дыханне ночы...
Ад лiўняў i ад навальнiц -
Грымяць, iскрацца i шапочуць.
Журыцца ўмеюць i звiнець,
Спяваць у шумным карагодзе.
Iх трэба сэрцам разумець
I выслухоўваць у народзе.
Юрась Свiрка, 1983
|