Старажытная ж літва жыла на тэрыторыі Беларусі, у раёне верхняга Панямоння: паміж Менскам і Новагародкам з усходу на захад і ад Маладэчна да Слоніма з поўначы на поўдзень. Яна засяляла параўнальна невялікую гістарычную вобласць Беларусі побач з Полацкай, Тураўскай і Новагародскай землямі.
Паколькі Новагародскае княства к сярэдзіне ХІІІ стагоддзя дасягнула высокага эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця, то яно і ўзяло ў свае рукі справу аб'яднання беларускіх земляў. Далучэнне літвы - першы крок у ажыццяўленні новагародскай аб'яднаўчай палітыкі. Гэта было зроблена з дапамогаю Міндоўга, які з'явіўся ў Новагародку выгнаны супернікамі з сваіх уладанняў, гэтак званай «літвы Міндоўга» (яна знаходзілася ў раёне сучасных Баранавічаў). Прыязна прыняты ў Новагародку, ён быў ахрышчаны ў 1246 годзе ў праваслаўе і абраны князем. Як адзначыў Іпацеўскі летапіс, Міндоўг неўзабаве «зане літву», што адпавядала стратэгічным мэтам Новагародка.
|