Важнае значэньне для наступных падзеяў мела і памылка, учыненая А. Луцкевічам на пачатку сакавіка 1917 году. Пішучы ва ўласнаручных паказаньнях пра тое, што ў лютым 1917 году ў Стакгольме мелася адбыцца канфэрэнцыя прыгнечаных народаў, ён паведамляў, што зь Вільні ў Бэрлін выехалі трое літоўцаў — д-р Ю. Шаўліс, Антанас Сьмятона, інжынэр Сьцяпонас Кайрыс (былы муж Цёткі) — і ён сам. У Бэрлін ехалі таму, што беларуска-літоўская дэлегацыя “да выезду ў Стакгольм павінна была мець у пытаньні пра будучыню нашага краю размову зь нямецкім канцлерам”.
|