Я маўчу...
Я адчайна маўчу,
Сцяўшы зубы падчас ад бяссілля.
Знервавана маўчу,
Хоць тут варта было б галасіць —
Белай птушцы жывой
Падразаюць свабоднае крылле,
Каб з яе, заняволенай,
Чучалам потым зрабіць.
І гучыць увушшу:
"Усё роўна не жыць ёй на свеце,
Падрыхтуйма таму
Дасканалы ў музей экспанат.
Каб пабачыць маглі
Праз стагоддзе дарослыя й дзеці,
Што за птушка спявала
Калісьці пад стрэхамі хат".
І, падрэзаўшы крылы,
Саджаюць у клетку за краты,
Каб, крый Бог, не ўцякла
Нейкім цудам насустрач вятрам.
На абураны люд
Паглядаюць, нібы на вар'ятаў:
"Ім абы пакрычаць.
Белай птушкі шкада дзівакам!
Не ўратуюць яе.
Дый навошта яе выратоўваць —
Птушак шмат у прыродзе:
Ад сокала да салаўя..."
А ў мяне на шматкі
Часам сэрца парвацца гатова:
Тая птушка ў бядзе —
Гэта ж родная мова мая.
|