***
Гавораць часам так, што проста тлумна,
I каб жа толькi злыя языкi.
Прывыклi людзi нашыя бяздумна
Ляпiць на чалавека ярлыкi.
Хто б ты нi быў - мужчына цi жанчына,
Рабочы, музыкант цi журналiст -
Калi ты патрыёт сваёй краiны,
Адразу ты i нацыяналiст.
Незразумела, дзiка i абсурдна:
Як можна толькi атаясамляць
Высокае з нiкчэмным i аблудным
I на сваю мiнуўшчыну пляваць?
Усе народы годна ад калыскi
Нясуць свой скарб i ў шчасцi, i ў журбе,
Дык што, яны ўсе - нацыяналiсты?!.
А наш народ баiцца сам сябе.
Кузменка Дзмітрый Мікалаевіч
|