Родны кут.
Не першы год жыву ў сталіцы,
Не першы год я гарадскі...
Чаму ж мне часта поле сніцца,
Якім я крочу напрасткі?
Чаму мне сняцца хвалі жыта,
Сінеча лёну за сялом
I летні луг, дзе я нібыта
П'ю са збанка ваду нагбом?
Чаму мне сняцца пералескі,
I хвалі Моўчадзі-ракі,
I задуменныя пралескі,
I неба весняга блакіт?
Люблю цябе, мая сталіца,
Каторы год жыву я тут.
I ўсё ж да скону будзе сніцца
Майго дзяцінства родны кут.
|