Ці вы адчулі пах вясновы?
А ці пазналі родны край?
У сталакцітах крышталёвых –
Зноў сакавіцкі сонцаграй!
Цішком пракраўшыся праз межы
У нашы вёскі, гарады,
Вясна наладжвае капежы,
Дажджом растайвае ільды.
Нырае ў лункі з сантыметрам,
Каб рыбакоў ад іх прагнаць,
Шпурляе ў птушак подых ветру -
“А ну - гняздзечкі будаваць!”
Звініць адталаю вадзіцай…
Цалуе душы цяплынёй…
І промні сонца - нібы спіцы -
Нястомна круціць над зямлёй…
Змятае сон з вачэй заспаных
Ласкавым дотыкам рукі…
І, блаславіўшы закаханых,
Сплятае шчасце ў вянкі…
|