СУД
«Я спужаўся расстрэлу...».
Аўтар: Віталь ГАРБУЗАЎ *21 верасня 2011 г.
Выбухі на Дзень Незалежнасці ў 2008 годзе і сёлета ў сталічным метро не мелі пад сабой рэлігійных ці палітычных падстаў. Гэтая выснова ўжо прагучала на судзе. Але пакуль так і не зразумела, што стала прычынай дзікунскіх здарэнняў, у якіх загінулі і былі пакалечаны дзясяткі людзей.
Вярхоўны суд Беларусі працягвае разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава, якія абвінавачваюцца ў шэрагу цяжкіх злачынстваў, у тым ліку ў выбуху на Дзень Незалежнасці ў Мінску і выбуху ў сталічным метро 11 красавіка бягучага года. У судзе распачалося даследаванне доказаў па гэтай крымінальнай справе. Па ініцыятыве дзяржабвінаваўцы — намесніка Генеральнага пракурора Беларусі Аляксея Стука, даследаванне доказаў разбіта на эпізоды.
Першым сталі разбіраць адзін з самых галоўных эпізодаў — выбух на станцыі метро “Кастрычніцкая”.
Прыкладна тры гадзіны цягнуўся допыт Уладзіслава Кавалёва, які, на думку следства, непасрэдна ў злачынстве не ўдзельнічаў, але ведаў пра яго падрыхтоўку і не данёс. Кавалёў адразу адмовіўся ад сваіх паказанняў. Ён заявіў, што на папярэднім следстве на яго ціснулі псіхалагічна, падказвалі патрэбныя сведчанні: маўляў, загадалі прызнацца, паабяцалі, што тэрмін за неданясенне аб злачынстве будзе меншым, а па абвінавачанні ў тэрарызме — у лепшым выпадку 25 гадоў зняволення. Пры гэтым Уладзіслаў Кавалёў сказаў суду, што фізічнага ўздзеяння да яго не прымянялі. Прыгадаў толькі адзін выпадак, калі яго быццам бы моцна штурхнуў следчы, жонка якога часта бывае на “Кастрычніцкай”.
На пытанне суда, чаму ж Кавалёў адмовіўся ад ранейшых паказанняў, ён адказаў проста: “Я спужаўся расстрэлу...”
Па версіі Кавалёва, якая была агучана ім у судзе, напярэдадні выбуху ў метро падзеі разгортваліся наступным чынам: ягоны сябар (цяпер — галоўны абвінавачаны ў тэракце) Дзмітрый Канавалаў прыехаў у Мінск цягніком з Віцебска 10 красавіка бягучага года. Іх сустрэча адбылася на вакзале. Кавалёў заўважыў сумку, з якой прыехаў Канавалаў, аднак ні пра мэту візіту ў Мінск, ні пра тое, што знаходзіцца ў сумцы, быццам бы не ведаў. Адразу пасля прыезду Канавалава ў Мінск хлопцы паехалі на станцыю метро “Фрунзенская”. У тым раёне знаходзіцца агенцтва нерухомасці, праз якое яны і знялі для Канавалава кватэру. Уладзіслаў Кавалёў падкрэсліваў, што ні разу не зазірнуў у сумку, якую прывёз з сабой Дзмітрый Канавалаў. І гэта, шчыра кажучы, не дзіўна. Бо калі да вас прыязджае сябар, вы кідаецеся нешта шукаць у ягонай сумцы альбо цікавіцеся, што ў ей? Пагадзіцеся, хутчэй нетыповымі паводзінамі можна прызнаць цікаўнасць да сумкі іншага чалавека.
|