Калега Канавалава Улад працаваў з ім некалькі месяцаў на заводзе. Кажа, што той быў звычайным хлопцам з раёна. Любіў выпіць, пагуляць. Працаваў шмат, каб зарабіць грошай. На відэа Улад не пазнае Канавалава.
"Наўрад ці ён. На відэа мала падобны. Там больш буйны мужчына, а Дзіма худы. Калі шчыра, інтарэс у яго — гэта выпіўка, дзяўчаты і сябры. Ён дастаткова гаваркі хлопец. Любіў пагуляць, выпіць, павесяліцца і парасказваць розныя гісторыі. Размаўляў не з усімі, толькі з людзьмі, якія яму былі прыемныя. Размовы ў асноўным ішлі толькі аб гулянках. У прынцыпе, хлопец "з рукамі". Ён зрабіць мог практычна ўсе дэталі на заводзе, якія яму давалі. На працы ён толькі працаваў".
Не заўважылі калегі, каб Канавалаў заставаўся па вечарах рабіць прылады для выбухоўкі.
"Мы, як правіла, сыходзілі ўсе разам, — працягвае Улад. — Калі ён заставаўся, то з сябрамі гадзіны да шостай. Ён перапрацоўваў, каб больш зарабіць. Я сам гэта бачыў".
Бацькі Дзмітрыя Канавалава надзейна ахоўваюцца. Людзі ў цывільным суправаджаюць іх увесь час. Ходзяць за імі ў краму, на шпацыр з сабакам і на працу. У кватэры на першым паверсе паставілі сігналізацыю, пра што сведчыць чырвоная лямпачка каля дзвярэй. Еўрарадыё спрабавала датэлефанавацца да іх. Бацька Канавалава Генадзь кідае слухаўку. Маці другога абвінавачанага, Улада Кавалёва, удалося перамовіцца з Людмілай Канавалавай у краме.
Тая распавяла, што не атрымала ніводнага ліста ад сына, а ніводнага спаткання ім не дазволілі. Пасылкі маці яму адпраўляе, але не ведае, ці даходзяць яны.
Калі Дзмітрыя арыштавалі, Людміла Канавалава злягла на месяц у бальніцу з сэрцам, а мужа звезлі ў Мінск у СІЗА.
Тым часам бацькі Канавалава паводзяць сябе вельмі дзіўна. Маці кажа, што не верыць у вінаватасць сына, але па дапамогу не звярталася, нават не шукала адваката. А бацька не кантактуе ні з кім, нават жонцы не распавёў ні слова пра тое, што з ім рабілі ў Мінску.
Тым часам на судовым працэсе Дзмітрый Канавалаў прызнаў прад'яўленае яму абвінавачанне. А Улад Кавалёў, які не прызнаў віну, на судзе выказаў сумненне, што выбух зрабіў Дзмітрый.
|